ГЭТА НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА… З успамінаў былых вязняў працоўнага лагера ў Германіі

Дата: 21 июня 2019 в 07:53, Обновлено 29 сентября в 17:50

         Вялікая Айчынная вайна разарвала многія сем’і, дзеці і бацькі страцілі адзін аднаго. Па яе віне тысячам сірот прыходзілася самім шукаць сродкі для жыцця. Для беларускага народа Вялікая Айчынная вайна – не проста гісторыя, а несціхаючы боль. Гэта памяць аб мінулым, аб вялікіх ахвярах, матэрыяльных стратах. Мільёны сямей адчулі горыч цяжкіх страт.

       Цяжэй за ўсё ў гэтай вайне прыйшлося дзецям, якіх вайна пазбавіла самага дарагога: бацькоў, спакойнага жыцця, дзяцінства. На тэрыторыі нашага сельскага савета яшчэ і сёння пражываюць людзі, дзяцінства якіх было апалена вайной. Мне хочацца расказаць пра лёс дзвюх жанчын, якіх аб’яднала вайна, але кожная з іх прайшла свой пакутлівы шлях да мірнага жыцця, да Перамогі.

        Успаміны пра вайну для гэтых людзей вельмі балючыя, пагэтаму і гаварыць пра яе не любяць. Дзеці вайны не ведалі слёз. Над імі віталі голад, холад, страх, смерць.

         Цяжка пачыналася размова з  першай гераіняй – Яцкевіч Зінаідай Канстанцінаўнай.  Але паступова жанчына сабралася з сіламі. Вось аб чым мы даведаліся ад яе.

У час гутаркі  з

Яцкевіч З.К.

         “Калі пачалася вайна, наша сям’я жыла ў в.Саўдзеневічы Лагойскага раёна.У сям’і нас было восем душ. Тата – Канстанцін Іванавіч Станкевіч - , мама – Сафія Фадзееўна -  і шасцёра дзяцей. Самаму старэйшаму з нас, брату Васілю, было 11 гадоў. Мне споўніўся год. Пра пачатак вайны ведаю з маміных слоў. Мама расказвала, што пэўны час немцаў у вёсцы не было. Потым яны бывалі наездамі. Прыязджалі, забіралі прадукты харчавання, учынялі расправы над тымі, хто меў сувязь з партызанамі, і зноў пакідалі вёску. Летам 1943г. чарговы наезд немцаў напалохаў усіх. Людзей зганялі ў цэнтр вёскі, забіралі сем’ямі. Каму шанцавала – уцякалі ў лес. Баяліся, што вёску спаляць разам з людзьмі. Немцы расстрэльвалі тых, хто імкнуўся ўцячы. Фашысты падпальвалі хаты. Непадалёку ад нашай сядзібы было азярцо, каля яго вялізнае дрэва з вывернутым наверх карэнішчам, якое было падмыта вадой. Тут бацькі вырашылі ўратаваць сям’ю  ад немцаў. Хутка збіраліся. Нават не паспелі пахаваць дзіця, якое пасля хваробы памерла, - пакінулі яго дома. Ледзь выбеглі з хаты і дабеглі да азярца, як прыйшлі немцы. У мамы на руках было яшчэ адно маленькае дзіця. Маці баялася, што яно заплача, пагэтаму прыхінула да грудзей. Маленькае задыхнулася, бо яму не хапіла паветра. А немцы ўсё ж такі знайшлі нас, але не кранулі, пакінулі ў жывых.

          Потым усіх , каго знайшлі, сабралі і пераправілі ў в.Гайна. Начавалі ў хляве. Мы былі ўпэўнены, што нас спаляць. Некаторыя спрабавалі выбрацца, але немцы іх расстрэльвалі. Раніцай нас пагрузілі ў машыны і  адправілі ў Мінск. Так мы  апынуліся на вакзале, дзе было вельмі шмат нашых людзей: дарослых і дзяцей. Немцы заганялі нас у вялікія вагоны з-пад брыкету і адпраўлялі ў Германію. Ехалі некалькі дзён. Ні ежы, ні вады не давалі. Не хапала паветра. Некаторыя не вытрымлівалі і паміралі. Людзей было так многа, што стаялі шчыльна адзін да аднаго, нават упасці не было куды.

          Праз некалькі дзён нас даставілі ў працоўны лагер горада  Марэнбург . Што нас чакала, мы не ведалі. Ад гэтага рабілася страшна. І толькі мама з татам, як заслон, як самы адважны воін, што змагаецца да апошняга,  ахоўвалі наша жыццё. Да размеркавальнага пункта рухаліся пешшу. Захварэў на кор брат  Міша, яму было 5 гадоў. Мама несла яго ў посцілцы на плячах. Перапраўляліся праз балота. Ісці было цяжка, вязлі ногі. Немцы расстрэльвалі тых, хто запавольваў ход. Нейкая жанчына параіла маме пакінуць Мішу, але тая не здавалася і сказала, што будзе несці яго, пакуль хопіць сіл. Сям’я вынесла і гэта выпрабаванне. Усе жывымі дабраліся да размеркавальнага пункта , а Міша застаўся жывым. Пасялілі нас у вялізным бараку, у якім  было шмат адсекаў. У кожным адсеку размяшчалася прыкладна па 6-7 сямей. Дарослыя павінны былі працаваць. Тата даглядаў свіней, мама была пры хатняй гаспадарцы, старэйшы брат  Васіль араў на валах. Поле, дзе працаваў брат, было настолькі вялікім, што, калі я глядзела ўдалечыню,  замест брата  бачыла маленькую кропачку. Мы, малыя, гулялі каля барака, былі прадастаўлены самі сабе. Ніхто з дарослых  за дзецьмі не наглядаў: старэйшыя дзеці глядзелі за малодшымі. Так і выжывалі.

          У памяшканні барака знаходзіцца не любілі. Ён быў вельмі цёмны і вільготны. Аднойчы, калі ўсе вярталіся з працы, пачалася бамбёжка. Снарад трапіў якраз у барак. Палова яго разам з людзьмі на маіх вачах зраўнялася з зямлёй, а другая палова, дзе былі мы, засталася цэлай.  

          Дарослыя шмат працавалі, вельмі стамляліся. Ежы за працу атрымлівалі мала. Яе прыносілі ў барак, каб падкарміць нас, дзяцей. Наша сям’я  пасябравала са старым палякам. Ён быў адзін, без сям’і, а таму дапамагаў нам чым мог: прыносіў шмат яды, забаўляў малых. Мы, дзеці, чакалі яго з нецярплівасцю. У бараку ўсе стараліся дапамагаць адзін аднаму. Жылі як адна сям’я.

            На працы дысцыпліна была вельмі жорсткай. За нязначную правіннасць каралі, моцна білі. Не раз ледзь жывымі ад пабояў вяртаўся з працы тата, сястра Ганна. Аднойчы Ганне выбілі плячо. Перападала і нам, маленькім дзецям, калі моцна шумелі. Хварэць было нельга. Калі немцы заўважалі хворых, іх проста забівалі.

Яцкевіч Зінаіда Канстанцінаўна, 1955г.

          У 1945г. мы дачакаліся Перамогі і вызвалення. У лагеры з’явіліся савецкія салдаты, якія пагрузілі нас на павозкі, каб адправіць на вакзал. Але  перад самым ад’ездам разарваўся снарад. Здавалася, што прайшла вечнасць. Калі я прыйшла ў сябе, вакол былі загінуўшыя людзі, а дакладней сказаць тое, што засталося ад іх. Пачалася паніка. Мяне хтосьці падхапіў і закінуў у цягнік. Праз некаторы час я зразумела, што мае родныя  засталіся там, на вакзале. Жах ахапіў маё сэрца. Памятаю і зараз, як плакала, а потым пачала моцна крычаць і зваць родных. Нечакана цягнік спыніўся, пачуўся шум, яшчэ дабавілася людзей. Праз свой ужо бязгучны плач я пачула голас мамы. Мы зноў былі разам.”

         Яшчэ раз лёс пашкадаваў маленькую дзяўчынку.  Дадому вярнуліся ўсе, акрамя Канстанціна Іванавіча, якога забралі на фронт. Вярнуўся ён толькі ў 1947г.

         Дом уцалеў, але ў доме нічога не засталося. Прыходзілася цяжка. У вёсцы мужчын не было, толькі дзеці і жанчыны. Даводзілася шмат працаваць. Дзяцей вучылі жаць, араць, сеяць. Аралі на сабе, бо на ўвесь саўгас было толькі 2 кані. Вельмі галадалі. Але нягледзячы на гэта людзі былі шчаслівыя: бо скончылася бязлітасная, жудасная вайна.                 Праз выпрабаванні вайны прайшла і другая наша суразмоўніца  Грыбоўская Вольга Пятроўна.Тады, у далёкім 1941 годзе, дзяўчынка Вольга скончыла 4 класы. Больш вучыцца не давялося –  пачалася вайна.

У час гутаркі  з Грыбоўскай В.П.

        Вольга Пятроўна нарадзілася ў 1929 годзе ў вёсцы Сілічы. Сям’я была вялікая і дружная. Але што такое гора дзяўчынка зразумела ўжо ў два гады, калі памерла мама Філіповіч Соф’я Іванаўна. Тата, Пётр Іванавіч, стаў дзецям і мамай, і татам. Пяцёра дзяцей гадаваў адзін. Цяжка было, аднак ён нікому не скардзіўся на сваё жыццё. Больш цяжкія выпрабаванні выпалі з надыходам вайны. У чэрвені 1943 года дочкі Пятра Іванавіча  Ганна і Вольга апынуліся  сярод “добраахвотнікаў”, з якіх фарміравалася чарговая група “Германія” або “работнікі з усходу”, як іх называлі. Далей усё адбывалася па адпрацаванай схеме: адпраўка ў Мінск, агляд урачоў, шлях у Германію ў працоўны лагер.  Як успамінае Вольга Пятроўна, яе і сястру везлі праз Польшчу, месяц яны правялі ў Варшаве. Пасля быў горад Лейпцыг. З успамінаў аб жыцці ў гэтым горадзе помняцца сістэматычныя налёты авіяцыі. Роў матораў, вакол выбухі. Пасля такіх налётаў заставалася шмат загінуўшых і параненых. Аднойчы ў  ходзе такой бамбёжкі снарад трапіў у бомбасховішча, у якім знаходзілася каля тысячы чалавек. Правае крыло яго поўнасцю было разбурана, а людзі, якія там знаходзіліся, загінулі. Якім жахам было ўсё гэта бачыць падлетку! Кожны дзень людзі вымушаны былі хадзіць пад смерцю.

Праз некалькі месяцаў Вольга і Ганна разам з астатнімі землякамі апынуліся ў працоўным лагеры ў г.Таўха. Дарослых размеркавалі на завод, а дзяўчат, як і іншых падлеткаў, накіравалі на працу ў адну з нямецкіх сямей, гаспадарка  якой была вельмі вялікай: 40 свіней, 12 кароў, конь, быкі. Цяжка прыходзілася. Вольга была невялікага росту і худзенькая. Калі гаспадар убачыў, што яна фізічна не можа спраўляцца з работай, то вярнуў яе назад у барак, дзе яна павінна была дапамагаць повару на кухні. Паўтара года правяла ў бараку Вольга Пятроўна. Вельмі страшна было, пакуль тут жылі. У адным пакоі пражывала каля 18 чалавек. Уздоўж сцен –  трохярусныя нары.

Паблізу ад барака знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер, дзе, кожны ведаў, было яшчэ горш і страшней. Працоўны дзень вязняў складаў 12 гадзін, а то і больш. Шмат часу займалі пераклічка і агляд. Сон быў кароткі і неспакойны, так як насельнікі лагера пакутавалі ад насякомых-паразітаў, паратунку ад якіх не было. Кармілі дрэнна, ад людзей заставаліся толькі скура ды косці. Кавалак хлеба і пахлёбка з гнілой гародніны – вось увесь рацыён.

 Вельмі страшнымі былі моманты бамбёжак. Усе беглі хавацца, а вязні не маглі пакідаць месца, агароджанае калючым дротам, які быў пад токам. Снарады разрываліся побач. Было вельмі страшна. Але цікавы той факт, што не адзін снарад не разарваўся на тэрыторыі лагера. За непадпарадкаванне любы мог аказацца там жа, за калючым дротам. Пра ўсё гэта Вольга Пятроўна памятала кожны дзень, калі дапамагала тым, хто быў побач з ёй. На кухні, калі дзяўчына заставалася без повара, то выдавала прадуктаў   больш нормы, бо ведала, як галадаюць людзі, якіх ганялі на працу кожны дзень.

           Смелай і ўпэўненай была Вольга, нягледзячы на абставіны. Аднойчы дзяўчыну выклікалі да начальніка лагера. Думала, што жыццё скончылася. Але, як высветлілася, яе адпраўлялі да новага гаспадара. У яго быў вялікі сад каля 30 га. Вользе трэба было збіраць ягады. У яе абавязкі  таксама уваходзіла чыстка абутку гаспадароў. Нямецкая сям’я да яе вельмі добра аднеслася. Справа ў тым, што  па знешнім выглядзе прынялі яе за паволжскую немку. Дапамагло яшчэ і тое, што дзяўчына, нягледзячы на чатырохкласную адукацыю, вельмі хутка засвоіла нямецкую мову. Немцаў здзіўляла тое, што Вольга трапіла разам з рускімі ў працоўны лагер. Дзяўчына не разгубілася і растлумачыла гэта тым, што тата яе быў рускі, а мама немка. За сваю працу Вольга атрымлівала грошы, жыла і харчавалася разам з гаспадарамі. Не забыла дзяўчынка і тых, з кім парадніла яе вайна – сваіх суседзяў па бараку. Для іх яна разам са сваёй сяброўкай, якая таксама была замацавана за гэтай нямецкай сям’ёй, здабывала прадукты харчавання. Рызыка была вельмі вялікая. Дзяўчаты маглі адправіцца ў канцлагер, калі б стала вядома аб тым, што яны дапамагаюць сваім. Прыдумалі такую хітрасць. Употайкі выносілі з кухні бульбу і іншую гародніну, хавалі ў кустах, а потым пачыналі спяваць на рускай мове. Замест слоў песні дзяўчаты гаварылі, дзе схаваны прадукты. Гаспадары не разумелі рускай мовы , а песні ім вельмі падабаліся, голас у “спявачак” быў прыгожы.

          Аднойчы дзяўчаты вырашылі дастаць гароху, якога было так многа ў гаспадарскім падвале. Ноччу, калі ўсе заснулі, дзяўчаты спусціліся ў падвал (ён быў адкрыты). Яны вельмі ўзрадаваліся. Але як толькі дзяўчаты пачалі набіраць гарох у вёдры, пачуліся крокі. Страх скаваў іх. У думках яны развіталіся з жыццём. Здавалася, што на нейкі момант у іх спынілася нават дыханне. Прыйшлі ў сябе, калі пачулі, як зачыніліся дзверы і стукнула клямка. Крокі аддаляліся, было чуваць барматанне гаспадарскай дачкі, якая была незадаволена тым, што падвал кінулі не зачыненым. Што рабіць далей? Раніцай, калі адкрыюць памяшканне і ўбачаць іх, наўрад ці пакінуць у жывых. Час ішоў, а выратавання чакаць не было адкуль. Але Вольга Пятроўна ніколі не здавалася, нават у такіх цяжкіх абставінах. Вось і тады ёй удалося ўратаваць сябе і сястру. Дзяўчаты змаглі вынуць шкло ў невялікай шыбіне, якая знаходзілася амаль пад столлю падвала. Першай выбралася яе сяброўка, а Вольга падавала ёй мяхі з гарохам. Калі справа была зроблена, выбралася сама. Схавалі здабытае, каб раніцай ізноў “праспяваць новыя песні” для тых, хто быў у працоўным лагеры. Самі ж праз акно вярнуліся ў свой пакой. Прачнуліся рана ад гучнай гаворкі. Гаспадары ўбачылі, што хтосьці іх абакраў, але ніяк не маглі зразумець, як гэта адбылося праз зачыненыя на замок дзверы. Дзяўчат ніхто не западозрыў.

Грыбоўская Вольга, 1950г.

        Вызвалілі горад Таўха ў маі месяцы 1945г. амерыканскія войскі. Месяц жылі пры іх. Потым усіх пераправілі праз Эльбу. Дом дзяўчаты ўбачылі толькі 5 верасня 1945 года,  а, дакладней сказаць, толькі тое, што засталося ад спаленай хаты. Час выпрабаванняў не закончыўся разам з перамогай: наперадзе былі гады аднаўлення пасля ваеннай разрухі. У мірны час Вольга была сярод першых у працы. Пазней сямейнае жыццё. І тут яна таксама вызначылася. Вольга Пятроўна стала Мамай з вялікай літары  для васьмярых дзяцей. Цяжка было. Хапіла ўсяго: і слёз, і расчараванняў. Аднак жыццё не зламала , а загартавала яе.

          Сустрэчы з гэтымі жанчынамі вельмі ўразілі нас. Здзівіла, тое, што, прайшоўшы  праз цяжкія выпрабаванні, гэтыя  людзі не  страцілі веры ў жыццё, уменне радавацца, быць шчаслівымі. Нягледзячы на іх ужо сталы ўзрост, гэта бадзёрыя людзі. Гора не зрабіла гэтых жанчын  жорсткімі і абыякавымі да жыцця. Яны, спагадлівыя, чулыя да гора іншых людзей, нікому не зайздросцяць, а мараць толькі аб адным, каб на нашай шматпакутнай зямлі заўсёды быў мір і спакой, каб не зведалі іх нашчадкі таго, што прыйшлося перажыць ім.

           Мы, маладое пакаленне, абавязаны ведаць гэтую гераічную старонку нашага народа. Гэта наш боль і слава. Аповеды відавочцаў вайны прымушаюць нас задумацца аб тым, што адказнасць за далейшы лёс нашай Радзімы ўскладзена на нас, што трэба быць гатовымі ў любы момант стаць на абарону інтарэсаў сваёй Бацькаўшчыны.   

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.