Дзейнасць падпольных арганізацый і партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Астрошыцкага сельскага савета

Дата: 21 июня 2019 в 07:27, Обновлено 29 сентября в 17:48

          Тэрыторыя Астрошыцкага сельскага савета 1 ліпеня 1941 года апынулася пад акупацыяй. Акупацыйны перыяд працягваўся да 10 ліпеня 1944 года. Палітыка акупацыйных улад выклікала негатыўныя адносіны мірнага насельніцтва. Жыхары  разгарнулі барацьбу супраць акупантаў. Важную ролю ў арганізацыі і развіцці нелегальнай барацьбы адыгрывала партыйнае падполле – сістэма нелегальных партыйных органаў і арганізацый. Да канца 1941г. у Лагойскім раёне дзейнічала 11 падпольных партыйных арганізацый. Першая на тэрыторыі нашага савета падпольная арганізацыя ўтварылася ў вёсцы Кандратавічы. Узначаліў дадзеную арганізацыю Навіцкі Уладзімір. Члены Кандратавіцкай падпольнай арганізацыі праводзілі прапагандысцка-агітацыйную работу, тлумачальную работу аб падзеях на фронце, распаўсюджвалі зводкі Інфармбюро, рыхтавалі насельніцтва да барацьбы, стваралі камсамольскія арганізацыі ў вёсках Весніно, Манчакі, Чудзенічы, падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

              Камуністы вёскі Кандратавічы дапамаглі кіраўніку партызанскага атрада Варанянскаму Васілю Трафімавічу і яго  байцам, якія апынуліся ў акружэнні, схавацца ад ворага. Пазней сіламі жыхароў вёскі Кандратавічы Івінскага І. і Шчурэвіча А.з вёскі Чудзенічы была створана база для гэтай партызанскай групы.

            Члены падпольных арганізацый займаліся дыверсійнай дзейнасцю. Група падпольшчыкаў з вёскі Зыкава на чале з Бацяноўскім Васілём 6 снежня 1943г. накіравалася ў раён  дарогі Мінск-Лагойск для мініравання. У выніку была падарвана адна машына і адна падвода, звестак аб загінуўшых няма. Падпольшчыкі рэгулярна паведамлялі партызанам групы “Спартак” і  атраду “За Айчыну” аб напрамках руху нямецкіх войскаў, колькасці, узбраенні, забеспячэнні нямецкага гарнізона ў Астрашыцкім Гарадку.

            Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі з заклікамі да барацьбы. З дапамогай друкаванага слова падпольная партыйная арганізацыя яшчэ больш мацавала свае сувязі з насельніцтвам. Ствараліся новыя партызанскія атрады і групы.

            У студзені 1943г. усе арганізацыі падпольшчыкаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі нашага савета атрымалі агульнае і вельмі важнае заданне – ліквідаваць сувязь паміж Мінскам і Лагойскам. У выніку Манчакоўская арганізацыя абрэзала слупы і перарэзала правады на адлегласці 2 км ад Астрошыц да Чудзеніч. Астатнюю частку ўзяла на сябе Кандратавіцкая арганізацыя. Вяснінская арганізацыя ліквідавала сувязь на адлегласці 5 кіламетраў да вёскі Пільні. Дадзеная аперацыя была праведзена 28 студзеня 1943г. у 21.00.  

      Івінскі Міхаіл, які з’яўляўся старшынёй Астрошыцкай валасной управы, паведаміў нашым аднавяскоўцам аб тым, што немцы рыхтуюць карную аперацыю. Людзі паспелі ўцячы ў лес і схавацца там, уратаваўшы сваё жыццё. А сам Івінскі Міхаіл быў арыштаваны і расстраляны немцамі ў студзені 1943 г. 

           У выніку такой актыўнай дзейнасці ў жніўні 1943г. на тэрыторыі Лагойскага раёна дзейнічала ўжо 60 падпольных арганізацый. У падпольных атрадах падтрымлівалася цвёрдая дысцыпліна, не дазвалялася пальба без прычыны. Парушэнні дысцыпліны жорстка караліся.

 Пасля акупацыі нямецкімі войскамі тэрыторыі рэспублікі ў многіх яе раёнах ствараліся партызанскія атрады.

      Адносіны насельніцтва да партызан былі станоўчымі. З успамінаў былой партызанкі Кароткай Ларысы Лявонцьеўны: “Отряд наш стоял в Логойском районе, в лесу, возле речки. Были вырыты землянки, в них сделаны печки, нары, спали все впокат (не раздеваясь) - где кому нашлось место. На задания люди ходили с охотой. Потому что в любой дом зайди - люди обогреют, накормят, доброе слово скажут.”  З ахвотай дапамагалі партызанам не толькі прадуктамі харчавання, але і паведамлялі звесткі аб набліжэнні праціўніка, збіралі на месцах былых баёў зброю.(данясенні партызан за снежань 1942г.)                                            Уладзімір Антонавіч Харлоўскі з в.Панышэўшчыны (вёска на тэрыторыі нашага сельскага савета) перадаў атраду “За Айчыну” станковы кулямёт, 6 вінтовак і 2 цынкавыя каробкі патронаў. Навіцкі У.А. з вёскі Кандратавічы перадаў у атрад “Дзядзі Васі” 3 рускія вінтоўкі, браунінг, быў асведаміцелем, дапамагаў з прадуктамі харчавання. Дрозд Павел Іосіфавіч в.Кандратавічы. Здаў партызанскаму атраду 2 рускія вінтоўкі, 90 шт. патронаў, пёк хлеб для партызан. Раковіч А.М. і Раковіч Я.М. в. Манчакі, перадалі атраду Захарава 8 рускіх вінтовак, каля 500 патронаў, 18 гранат. 

     Партызанскі рух хутка набіраў сілу ў выніку атрады сталі фарміравацца ў партызанскія брыгады. На баявой магістралі Маладзечна-Мінск  дзейнічала брыгада “Штурмавая”. Дакументы  паведамляюць, што гэта была адна з самых актыўных баявых брыгад. Кожны дзень яны вялі баі, але дрэнна снабжаюцца. Налічвала каля 1000 чалавек. Камандванне дадзенай брыгадай здзяйсняў – Лунін Б.І. У склад яе ўваходзіў атрад “За Айчыну”. Сфарміраваны атрад ў жніўні 1942г. на базе партызанскай групы У.Д.Захарава, якая дзейнічала з жніўня 1941г.  У Астрошыцкім сельсавеце Уладзімір Захараў узначаліў партызанскую групу з ваенаслужачых, якія апынуліся ў гэтых месцах. Вясной 1942г. яна выйшла ў лес і вырасла ў атрад.       Вось, якія водгукі мы знайшлі пра камандзіра атрада “За Айчыну” У.Д.Захарава ( з успамінаў Кароткай Л.Л.)

      “У нас быў добры камандзір Уладзімір Дзмітрыевіч Захараў, адукаваны чалавек,праўдзівы і спрвядлівы. Ён уцёк з нямецкага палона.”

      “Смелы, але асцярожны. У час боя не хаваецца за спіны падначаленых”, - расаказвае В.Дамброўская. Прыйшла Вера ў атрад таму, што ёй пагражала віселіца. Гестапа выкрыла яе партызанскія сувязі. Не раз сустракалася з Захаравым пасля вайны. Ведала як прыстойнага сем’яніна, чулага і добрага чалавека.”

              Дадзены атрад правёў шэраг дыверсійных аперацый на шашы “Мінск-Лагойск”, паблізу нашай вёскі. Справа ў тым, што каля вёскі праходзіла шаша, якая звязвала Лагойскі гарнізон з г.Мінскам, дзе знаходзіліся цэнтральныя органы кіравання нямецкага камандвання. Пагэтаму дадзеная дарога мела для нямцаў стратэгічнае значэнне. Вось што аб гэтым паведамляюць дакументы. (з кнігі “Памяць”)

31.03.43г. – Група партызан “За Айчыну” здзейсніла засаду на шасейнай дарозе “Лагойск – Мінск” у раёне в.Астрошыцы і Мошчанкі. У выніку забіта 9 нямецкіх салдат, 1 афіцэр, 7 чалавек паранена. Кіраўнік аперацыі – Мартынаў.

22.03.1943г. партызаны з атрада “За Айчыну” спалілі 2-х павярховы і аднапавярховы дом паблізу Астрашыцкага Гарадка, якія былі падрыхтаваны для прыняцця тут немцаў.

01.11.43г. Група падрыўнікоў атрада  ліквідавала тэлефонна-тэлеграфную сувязь у раёне в.Астрошыцы на шасэ Лагойск-Мінск на адлегласці 600 метраў і адзін мост даўжынёй 10 м. Кіраўнік аперацыі Волкаў. (ст.309).,310.

Буйныя дыверсіі былі здзейснены партызанамі 03.11. 1943г. У гэты дзень ля в.Астрошыцы спачатку была ўзарвана  1 грузавая машына. У выніку чаго было забіта 9 і паранена 11 немцаў.  Праз некаторы час у гэты ж дзень непадалёку ад нашай вёскі выбухам міны былі ўзарваны 3 варожыя машыны. У выніку забіта 41 і паранена 9 немцаў.

16.11. 1943г. Увесь кавалак шашы ад Лагойска да Астрашыцкага Гарадка быў разбураны. Зроблены 23 перакопа, узарвана 3 масты, завалы на адлегласці праз 2 км. У выніку шаша не працавала 2 сутак.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.