Бяспека на вадзе

Дата: 17 ноября 2016 в 13:36, Обновлено 29 сентября в 17:05

Вада адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека. Праца, адпачынак многіх пакаленняў людзей былі непарыўна звязаны з ёй. Пры гэтым асваенне водных прастораў чалавекам не абыходзілася без ахвяр. Вада не даруе няважлівасці, бесклапотнасці.

Асабліва небяспечнай яна становіцца ў летні час, калі і дарослыя, і дзеці стараюцца выратавацца ад спёкі на берагах вадаёмаў, рэчак. І многія, на жаль, забываюць аб элементарных правілах бяспекі. Што прыводзіць да сумных вынікаў.

Каб зменшыць статыстыку гібелі людзей на вадзе, неабходна ўсім аматарам плавання памятаць пра меры бяспекі. Не купацца пасля ўжывання спіртнога і ў забароненых для гэтага месцах, а калі такое здараецца, – абавязкова папярэдне абследаваць дно. Яно павінна быць без ям, падводнага камення, іншых небяспечных прадметаў, а таксама незаросшае раслінамі. Нельга заплываць далёка ад берага, асабліва тым, хто няўпэўненна адчувае сябе ў ва-дзе, ныраць з лодак, мастоў, іншых збудаванняў. Нельга:  пакідаць без нагляду на беразе дзяцей; заходзіць у ваду пры дрэнным самаадчуванні; выкарыстоўваць пры купанні прадметы, не прызначаныя для гэтага; сваволіць у вадзе; падаваць непраўдзівы сігнал аб дапамозе, інакш у наступны раз на ваш прызыў ніхто не адгукнецца. У выпадку, калі трапілі ў моцную плынь, не трэба імкнуцца плысці насупраць яе, наадварот, выкарыстоўвайце яе, каб наблізіцца да берага. Не трэба губляцца і апынуўшыся ў вадавароце, набярыце пабольш паветра, нырніце ў накірунку плыні, а пасля выплывіце на паверхню. Калі раптам з’явіліся сударгі, змяніце спосаб плавання, каб зменшыць нагрузку на зведзеныя мышцы, і накіроўвайцеся бліжэй да берага.

Нельга забываць і пра тэмпературны рэжым. Уваходжанне і скачкі ў ваду ў разгарачаным стане прыводзяць да спазмаў сасудаў, у тым ліку галаўнога мозга і сэрца. Непажадана купацца таксама раней чым за 1,5-2 гадзіны пасля абільнага прыёму ежы.

Захаванне жыцця чалавека – гэта важная задача. І поспех у яе вырашэнні залежыць не толькі ад зацікаўленых службаў, структур, але  ў першую чаргу ад кожнага чалавека. Выкананне элементарных правіл бяспекі дапаможа  за-сцерагчы сябе і блізкіх ад бяды.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.